У імя адной справы


11.08.2023

У галіне сувязі прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня будаўніка.

Сваё прафесійнае свята будаўнікі Беларусі штогод адзначаюць у другую нядзелю жніўня. Напярэдадні гэтай знамянальнай падзеі ў актавай зале ААТ «Белсувязьбуд» адбылася ўрачыстасць, якая сабрала пад адным дахам амаль 200 прадстаўнікоў будаўнічых арганізацый сістэмы Мінсувязі, ветэранаў, кіраўнікоў арганізацый і лідэраў прафсаюзаў. Па традыцыі міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган у святочнай атмасферы адзначыў працу работнікаў будаўнічага сектара галіны і павіншаваў са святам.

– Сувязь пачынаецца з будаўнікоў, вы рэалізуеце базавую інфраструктуру. Гэта потым падключаюцца калектывы, якія распрацоўваюць, эксплуатуюць. Важна рухацца далей, павышаючы і свае паказчыкі дабрабыту, і магчымасць атрымання паслуг галіны ўсімі грамадзянамі нашай краіны, – адзначыў у сваім выступленні Канстанцін Шульган. – Хачу пажадаць вам усім міру, дабра, здароўя. Шчасця ў кожную сям'ю, каб усё ў вас было добра.

Лепшыя работнікі будаўнічых арганізацый ААТ «Белсувязьбуд», ААТ «Мінсктэлекамбуд» і ААТ «Белрамбудсувязь» былі ўдастоены заслужаных узнагарод за ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, плённую, добрасумленную работу і ў сувязі з Днём будаўніка. Іх стваральная праца адзначана Ганаровымі граматамі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а таксама падзякай міністра.

Узнагароды прадстаўнікам паважанай прафесіі Канстанцін Канстанцінавіч уручыў асабіста. У Год міру і стварэння традыцыйнае свята прайшло ў цёплай і святочнай атмасферы, бо прафесія будаўніка – адна з самых мірных і стваральных у свеце.