Экалагічная акцыя «Гадзіна Зямлі» пройдзе ў Беларусі 25 сакавіка

25 сакавіка 2017 г. пад эгідай Сусветнага фонду дзікай прыроды ва ўсім свеце ўжо ў 10-ы раз пройдзе адна з самых вядомых экалагічных акцый – Гадзіна Зямлі.

Лозунг акцыі ў 2017 г. – «Змяняй сябе, а не планету», а яе тэмай будзе адказнае стаўленне чалавека да прыроды. Таму Гадзіна Зямлі з'яўляецца сімвалам беражлівых адносін да прыроды. Акцыя скіравана на прыцягненне ўвагі людзей да праблемы глабальнага пацяплення і заклікае заставацца неабыякавымі да будучыні планеты.

Актыўным удзельнікам акцыі стала і Рэспубліка Беларусь. У 2016 г. Гадзіна Зямлі прайшла ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Браславе, Чавусах, дзе на адну гадзіну згасла падсвятленне адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых цэнтраў, а таксама прайшлі канцэрты, лекцыі, велапрабег, выступілі тэатры ценяў.

У Мінску на адну гадзіну згасла падсвятленне праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, агні Нацыянальнай бібліятэкі, падсвятленне будынкаў гандлёвых цэнтраў, універсітэтаў і кафэ.

А ўсяго ў мінулым годзе да акцыі далучылася звыш 178 краін, якія пагасілі падсвятленне болей чым 12 000 архітэктурных аб'ектаў і правялі каля 2 млн публічных мерапрыемстваў.

 

Як падтрымаць акцыю «Гадзіна Зямлі – 2017»?

  1. Выключыць святло ў 20:30 у суботу 25 сакавіка ў вашым доме ці офісе, а таксама падсвятленне рэкламы арганізацыі ў гэты час.
  2. Расказаць усім арандатарам памяшканняў пра Гадзіну Зямлі, каб яны выключылі святло на адну гадзіну ў 20:30 у суботу 25 сакавіка.
  3. Выключыць на працоўным месцы ў канцы працоўнага дня святло, прынтэры, маніторы, кампутары, мікрахвалевыя печы і кававаркі – вось тое нямногае, што можна зрабіць, каб скараціць шкодныя выкіды ўжо цяпер.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь заклікае ўсіх прыняць актыўны ўдзел у акцыі. Няхай яна паслужыць імпульсам да таго, каб кожны чалавек і ўся краіна сталі больш адказнымі ў словах і ўчынках у адносінах да сваёй планеты!

 

Даведачна:

Гадзіна Зямлі – штогадовая міжнародная падзея, арганізатарам якой выступае Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF). Праводзіцца ў апошнюю суботу сакавіка і заклікае прыватных асоб, прадпрыемствы, установы адукацыі, дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі выключыць святло і другія не жыццёва важныя электрапрылады (акрамя ліфтоў) на адну гадзіну, каб стымуляваць цікавасць да праблемы змянення клімату, энергетычнага аб'яднання чалавецтва.

Упершыню гэта мерапрыемства было арганізавана Сусветным фондам дзікай прыроды ў Аўстраліі сумесна з выданнем The Sydney Morning Herald у 2007 г., ужо на наступны год атрымала сусветную падтрымку, а ў 2009 г. стала самай масавай акцыяй у гісторыі чалавецтва: паводле ацэнак WWF, у ёй прынялі ўдзел больш за мільярд жыхароў планеты.