Новае слова ў кіраванні інжынернымі сістэмамі будынкаў
30.09.2016 #тэхналогіі #Беларусь #паслугі
У Рэспубліцы Беларусь усё большую актуальнасць у сферы эканамічнай бяспекі краіны набываюць мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне інфраструктуры, якая дазваляе істотна павысіць кантроль за выкарыстаннем энергетычных і іншых рэсурсаў. Адным з напрамкаў у дадзенай галіне з'яўляецца распрацоўка рашэнняў інтэлектуальных будынкаў, якія спрыяюць павышэнню эфектыўнасці кіравання інжынернымі сістэмамі будынка, мінімізацыі затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг і эканоміі энергетычных і іншых рэсурсаў, а таксама павышэнню бяспекі і якасці жыцця насельніцтва.
У цяперашні час стаіць пытанне інтэграцыі інжынерных сістэм будынкаў, сістэм бяспекі і рэсурсазберажэння, у прыватнасці аўтаматызаваных сістэм кантролю і ўліку энергарэсурсаў (АСКУЭ), сістэм вентыляцыі, ацяплення і водазабеспячэння, сістэм відэаназірання, пажарна-ахоўнай сігналізацыі, у адзіную сістэму кіравання.
У сувязі з гэтым навукова-тэхнічным саветам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь па выніках праведзенай навукова-тэхнічнай экспертызы вырашана ўключыць у пералік НДВКП на 2017 г. працу «Распрацоўка структуры, прынцыпаў узаемадзеяння і тэхнічных патрабаванняў да ўніфікаванай сістэмы кіравання, кантролю і ўліку інфармацыі інжынерных сістэм інтэлектуальных будынкаў».
Да пачатку работ (кастрычнік 2016 г.) спецыялісты ААТ «Гіпрасувязь» распрацавалі наступныя нарматыўныя дакументы, якія будуць пакладзены ў аснову бягучай навукова-даследчай работы (НДР):
- канцэпцыя ўкаранення рашэння «Разумны дом»;
- СТБ «Сістэма «Разумны дом». Кампаненты сістэмы. Кантролеры сістэмы «Разумны дом», датчыкі, выканаўчыя прылады. Агульныя тэхнічныя патрабаванні і метады выпрабаванняў»;
- ТКП «Сродкі электрасувязі інтэлектуальных будынкаў, якія ўключаюць тыпавыя праектныя рашэнні сістэмы «Разумны дом». Правілы праектавання і ўстройвання».
Атрыманыя на працягу гэтай працы тэхнічныя рашэнні і патрабаванні стануць асновай для стварэння уніфікаванай сістэмы кіравання, кантролю і ўліку інфармацыі інжынерных сістэм інтэлектуальных будынкаў, інтэграваных з рашэннем «Разумны дом».