ITU Telecom World – 2016
18.11.2016 #мерапрыемствы #МСЭ
З 14 па 17 лістапада 2016 г. у Бангкоку (Каралеўства Тайланд) адбылося 28-е Сусветнае мерапрыемства Міжнароднага саюза электрасувязі «ITU Telecom World – 2016», якое аб'ядноўвае ў сабе міжнародную выставу лічбавых рашэнняў, круглы стол на ўзроўні міністраў, а таксама саміт лідэраў (міністраў і прадстаўнікоў бізнесу) у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) і форум. У гэтым годзе мерапрыемства сабрала больш за 8800 удзельнікаў, у т. л. 338 лідэраў галіны ІКТ з усяго свету.
У рамках форуму ўдзельнікі разгледзелі актуальныя пытанні стварэння і развіцця лічбавай эканомікі, яе ўплыву на эканамічнае і сацыяльнае развіццё грамадства, прааналізавалі сусветны вопыт паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы ІКТ, абмеркавалі новыя перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва аператараў электрасувязі з пастаўшчыкамі, інвестарамі і канчатковымі карыстальнікамі тэлекамунікацыйнага абсталявання і паслуг на базе ІКТ.
Пры непасрэдным удзеле сусветных лідэраў у сферы ІКТ былі абмеркаваны такія пытанні, як будучыня сетак 5G, лічбавыя фінансавыя паслугі, інтэлектуальныя транспартныя сістэмы, роля ІКТ у дасягненні Мэтаў ААН у галіне ўстойлівага развіцця.
Рэспубліку Беларусь у ходзе мерапрыемства прадстаўляў Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Папкоў, які 15 лістапада выступіў на круглым стале на ўзроўні міністраў, прысвечаным тэме «Рост лічбавай эканомікі – роля ўрада».
У рамках «ITU Telecom World – 2016» таксама прайшла буйная міжнародная выстава, на якой былі прадэманстраваны апошнія інавацыйныя дасягненні ў сферы ІКТ, у т. л. па напрамках «Разумны горад», «Разумны дом» і інш.