Спецыялісты ААТ «Гіпрасувязь» прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Сучасныя сродкі сувязі»
28.10.2016 #мерапрыемствы
20–21 кастрычніка 2016 г. у Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі адбылася XXI Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя «Сучасныя сродкі сувязі».
З прывітальным словам да арганізатараў і ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў.
– Бесперапынны тэхналагічны прагрэс у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, пранікненне інфармацыйных тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці сучаснага грамадства прывялі да таго, што ІКТ з дапаможнай прылады ператварыліся ў адзін з асноўных інструментаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, і таму яны аднесены да прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады, – адзначыў Міністр.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што правядзенне канферэнцыі дае магчымасць у фармаце адкрытага абмену думкамі і ідэямі шукаць шляхі ўкаранення перадавых тэхналогій і стварэння прынцыпова новых прадуктаў у сферы сувязі і інфарматызацыі, удасканалення падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў галіны сувязі.
На пленарным пасяджэнні з дакладам «Навуковыя даследаванні ў інтарэсах развіцця галіны» выступіў намеснік дырэктара па навуцы і развіцці ААТ «Гіпрасувязь» кандыдат ваенных навук, дацэнт Івашка Уладзімір Міхайлавіч. У сваім дакладзе ён падкрэсліў важнасць і актуальнасць правядзення даследаванняў, вынікі якіх забяспечваюць паступальнае развіццё галіны і міжнародную прававую абарону інтарэсаў Адміністрацыі сувязі Рэспублікі Беларусь.
На секцыйных пасяджэннях канферэнцыі даклады прадставілі:
старэйшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчай і выпрабавальнай лабараторыі тэрмінальнага абсталявання навукова-даследчага і выпрабавальнага цэнтра Язлавецкі Яраслаў Сцяпанавіч – «Павышэнне дакладнасці вынікаў вымярэння параметраў якасці паслуг перадачы дадзеных»;
старэйшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчай і выпрабавальнай лабараторыі электрамагнітных вымярэнняў кандыдат тэхнічных навук Церах Іван Сяргеевіч – «Даследаванне ўзаемнага ўплыву LTE-сетак радыёнавігацыйных і метэаралагічных службаў»;
інжынер навукова-даследчага аддзела інфармацыйных тэхналогій навукова-даследчага і інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Цюшкевіч Марк Валер'евіч – «Методыка ацэнкі якасці паслуг перадачы дадзеных у сетках сотавай рухомай сувязі».
У рамках канферэнцыі ААТ «Гіпрасувязь» быў арганізаваны семінар «Інтэграцыя інжынерных сістэм інтэлектуальных будынкаў на аснове рашэння «Разумны дом». На семінар былі запрошаны прадстаўнікі міністэрстваў: сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, энергетыкі, архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, па надзвычайных сітуацыях, а таксама прадстаўнікі УП «Мінгаз», КУПП «Мінскводаканал», Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, РУП «Белтэлекам», ААТ «Прамсувязь», ЗАТ «НВП Белсофт».
Семінар праводзіўся ў наступных мэтах.
- Дасягненне адзінага разумення напрамкаў інтэграцыі і ўзаемадзеяння сістэм кіравання, кантролю і ўліку рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца ў інтэлектуальных будынках.
- Выпрацоўка алгарытму ўзаемадзеяння паміж рознымі міністэрствамі і арганізацыямі пры стварэнні адзінай уніфікаванай сістэмы кіравання, кантролю і ўліку рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца ў інтэлектуальных будынках.
У ходзе семінара былі абмеркаваны пытанні рэалізацыі рашэння «Разумны дом», прынцыпы ўзаемадзеяння рашэння «Разумны дом» з іншымі сістэмамі ў адпаведнасці з Канцэпцыяй, сусветны вопыт пабудовы сістэм кіравання і кантролю інжынернымі сістэмамі інтэлектуальных будынкаў, інтэграцыя канцавых прылад інжынерных сістэм будынка з сістэмай «Разумны дом» і інш.
Усе ўдзельнікі семінара сышліся ў меркаванні аб неабходнасці стварэння міжведамаснай рабочай групы для ўзгаднення структуры, прынцыпаў узаемадзеяння і тэхнічных патрабаванняў да ўніфікаванай сістэмы кіравання, кантролю і ўліку інфармацыі інжынерных сістэм інтэлектуальных будынкаў.